ТРАСЦЯНЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны ням. фашыстамі ў ліст. 1941 каля в. Малы Трасцянец Мінскага р-на (цяпер у межах г. Мінск) для масавай загубы сав. грамадзян і ваеннапалонных, паліт. вязняў ням. турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі. Тут працавала крэмацыйная печ, з Мінска рэгулярна прывозілі вязняў у машынах-душагубках. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастр. 1943 загінула 150 тыс. чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля в. Шабаны, цяпер у межах г. Мінск, загінула больш за 50 тыс. чал.), дзе была пабудавана спец. яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі. У канцы чэрв. 1944 вязні лагера знішчаны ў б. калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец (6,5 тыс. чал.). Усяго ў Т.л.с. загублена 206,5 тыс. чал. Па колькасці знішчаных людзей гэты лагер стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданака і Траблінкі (каля 810 тыс. чал.). На месцы загубы вязняў абеліск, за 200 м ад в. Вял. Трасцянец помнік ахвярам фашызму.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998. С. 157, 160—161.

Да арт. Трасцянецкі лагер смерці. Помнік ахвярам фашызму каля в. Вялікі Трасцянец. 1963.

т. 15, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)